«САВЕ́ЦКІ ЭНЦЫКЛАПЕДЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК»
(«СЭС»),
першы аднатомны універсальны даведнік у СССР. Выдадзены ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». Выйшлі 4 выданні: 1-е ў 1979 (дадатковыя тыражы ў 1981—82), 2-е ў 1983, 3-е ў 1984 (дадатковы тыраж у 1985), 4-е ў 1987 (дадатковы тыраж у 1989). Змяшчае каля 80 тыс. артыкулаў па пытаннях грамадска-паліт. жыцця, эканомікі, навукі, тэхнікі, літаратуры і мастацтва. Побач з артыкуламі пра саюзныя, аўтаномныя рэспублікі, краі, вобласці, гарады СССР уключана вял. колькасць артыкулаў пра розныя краіны свету, найбольшыя замежныя гарады, змешчаны біяграфіі дзярж., паліт., ваен. і культ. дзеячаў усіх часоў і народаў. У выданні 550 малюнкаў, фотаздымкаў і схем, 350 карт. «СЭС» паслужыў асновай для выдання «Вялікага энцыклапедычнага слоўніка» (т. 1—2, 1991; 2-е выд. 2000 у адным томе), «Расійскага энцыклапедычнага слоўніка» (кн. 1—2, 2000), «Новага энцыклапедычнага слоўніка» (2000). Перавыдаваўся за мяжой на англ., кіт. і інш. мовах.
В.К.Шчэрбін.
т. 14, с. 67
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)